НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ Дзейнічаў у 1598—1864 у г. Нясвіж. Засн. М.К.Радзівілам Сіроткам па волі сваёй памерлай жонкі. Манахам былі перададзены даходы ад шэрагу княжацкіх маёнткаў і зямельныя ўладанні. У пач. 17 ст. пабудаваны касцёл св. Кацярыны і корпус кляштара па праекце італьян. архітэктара Дж.М.Бернардоні. У 1655 і 1793 усе будынкі кляштара разам з касцёлам былі знішчаны пажарам. У пач. 19 ст. касцёл нанава адбудаваны ў класіцыстычным стылі. У 1804 у кляштары было 15 манахаў, навучалася 12 студэнтаў, у б-цы было 1199 кніг. У 1864 кляштар закрыты (перададзены ваен. ведамству). У 1870 касцёл пераабсталяваны пад Георгіеўскую царкву, у 1950-я г. разбураны.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. З карты 1750-х г.